ПРАДЗІ́ЛЬНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. расліны, якія вырошчваюць для атрымання валокнаў. Належаць да розных сям., вырошчваюць ва ўмераных, субтрапічных і трапічных зонах. Валокны ўтвараюцца ў сцёблах (лён, каноплі і інш. лубяныя культуры), у лісці (тэкст. агава — сізаль, тэкст. банан — абака), на насенні (бавоўнік), у пладах (какосавая пальма). Колькасць валакна ў П.к.: лён-даўгунец 20—28%, каноплі да 25%, джут 20—25%, бавоўна-сырэц 25—40%. Валокны П.к. — сыравіна для тэкст. і інш. прам-сці, з іх вырабляюць тканіны, трыкатаж, дываны, ніткі, вату, канаты, вяроўкі і інш. Выкарыстоўваюцца пабочныя прадукты вытв-сці валокнаў (алей, макуха, кастрыца і інш.). П.к. вырошчваюць ва ўсіх земляробчых раёнах свету, найб. плошчу займаюць бавоўнік, джут, каноплі, лён. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец (у 2000 пасяўная плошча 78,8 тыс. га).
П.М.Сяргееў.
т. 12, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)